«Словы мацней»: Андрусь Такінданг чытае верш Паўлюка Шукайлы

Свежы ролік відэапраекта ад кампаніі «Будзьма беларусамі!», Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра «Словы мацней» у якім музыка Андрусь Такінданг чытае верш футурыста Паўлюка Шукайлы.

Гэты праект – рэакцыя на пераслед людзей, якія неўзабаве пасля згаданых выбараў у розных людных мясцінах Мінска сталі збірацца, каб разам спяваць беларускія песні. Найбольш актыўных з іх, і найперш, культурніцкіх дзеячаў, сталі цікаваць.

У кожным роліку праекта сучасныя дзеячы культуры, якія пацярпелі ад пераследу і ўціску пасля 9 жніўня 2020 года, чытаюць творы сваіх папярэднікаў, асуджаных у сталінскія часы.

Як гэта ні жахліва, але паміж лёсамі творцаў у 1930-я гады і ў 2020-м ёсць пэўная аналогія.



Андрусь Такінданг (н. 1983) - беларускі спявак, музыка, мастак. Скончыў Гімназію-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка (1994—2002) і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Андрэй працуе і мастаком-рэстаўратарам, і грае ў гурце фолькмадэрновай музыкі «Рэха», і ў «ска-джаз-рэгі-панк» гурце «Гаротніца». Творца цягам дзесяцігоддзяў рэгулярна ўдзельнічае ў сотнях самых розных актыўнасцей, у канцэртах, фестывалях, прэзентацыях. Прычым ён адкрыты і да невялікай аўдыторыі ў 10-15 чалавек, узростам у 5-10 гадоў, і да маштабных фэстаў. Увесь склад гурта “РЭХА”, фронтмэнам якога і ёсць Такінданг, быў затрыманы 7 лістапада 2020 года пасля канцэрта ў мікрараёне Мінска Каменная Горка. Арыштаваны быў увесь гурт – за тое, што гралі песні. Не за дэманстрацыі і маніфестацыі, а за песні. 10 лістапада судом Фрунзенскага раёна Мінска Андрусь Такінданг быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. На Акрэсціна заразіўся каранавірусам, але ўсё адно не губляе творчага імпэту.

Паўлюк Шукайла (1904-1939) – адзін з самых эпатажных паэтаў 1920-х. Магчыма, адзіны стопрацэнтны футурыст Беларусі. У Слуцку арганізаваў філію «Маладняка», быў рэдактарам акруговай газеты. У Расонах працаваў сакратаром райкама партыі і старшынёй Нацыянальнай камісіі пры акруговым камітэце партыі і выканкаме па праверцы ходу беларусізацыі ў раёне. Вучыўся ў БДУ і заснаваў у Мінску літаб'яднанне «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна». Паліткарэктар у Галоўліце СССР, загадчык кафедры метадалогіі мастацтва ў Інстытуце кінематаграфіі. Рэдактар маскоўскай газеты «Кино», дырэктар Цэнтральнага тэхнікума тэатральнага мастацтва. Віцэ-прэзідэнт Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (Ленінград). Пісьменнік-сцэнарыст фабрыкі «Межрабпомфильм». 1.11.1938 арыштаваны ў Маскве. 13.4.1939 Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання за «ўдзел у контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі». Расстраляны ў Маскве (на палігоне «Камунарка»).

«Словы мацней»: Аляксандр Памідораў чытае твор Зямы Піваварава

«Словы мацней»: Галіна Казіміроўская чытае твор Міхася Чарота

«Словы мацней»: Ганна Комар чытае Францішка Аляхновіча

«Словы мацней»: Тарас Тарналіцкі чытае Станіслава Грынкевіча

budzma.by